ТРЭБА ДОМА БЫВАЦЬ ЧАСЦЕЙ. Юры Несцярэнка 🔳 Рыгор Барадулін
Юры Несцярэнка чытае верш Рыгора Барадуліна "Трэба дома бываць часцей" (1960) #незагаснуцьзоркіўнебе - паэтычная хрэстаматыя да 90-годдзя заснавання Саюза беларускіх пісьменнікаў 👉 Усе творы https://youtube.com/playlist?list=PLTNXoooE0nRZYo4u2yyRtorzQIYLVi2P7 🔳 Юры Несцярэнка – музыка, празаік, перакладчык. Нарадзіўся ў 1965 годзе на Быхаўшчыне. Доўгі час жыў і працаваў у Бялынічах. Скончыў Мінскі інстытут культуры. Стваральнік музычных гуртоў “White Night Blues” (Блюз Белай Ночы) і “Nіestary Band”. Удзельнік шматлікіх міжнародных фестываляў, аўтар сольных альбомаў, выступае таксама як аглядальнік і музычны крытык. Аўтар кніг “Звычайны шоу-бізнес” (2015), “Маё мястэчка ў часе і прасторы” (2015). У 2023 годзе вымушаны быў эміграваць. 🔲 Рыгор Барадулін (1935-2014) – апошні Народны паэт Беларусі (1992), намінант на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры за зборнік вершаў «Ксты». Дэбютаваў у далёкія 1950-я і заставаўся адной з галоўных постацяў у айчыннай літаратуры да самай смерці. Творчасць паэта вызначаецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры. Творчы наробак Барадуліна складаецца з больш чым 100 паэтычных зборнікаў. Яго паэзія вызначаецца вялікай увагай да мовы і яе дыялектных праяўленняў. Заслугі паэта былі адзначаныя шматлікімі ўзнагародамі і прэміямі, сярод якіх Дзяржаўная прэмія імя Янкі Купалы (1976) за зборнік вершаў “Рум”, ордэн Дружбы народаў, ордэн Знак Пашаны, латвійскі ордэн Трох Зорак, медаль Францыска Скарыны. #беларускаялітаратура #рыгорбарадулін Трэба дома бываць часцей, Трэба дома бываць не госцем, Каб душою не ачарсцвець, Каб не страціць святое штосьці. Не забыць, як падвялы аер На памытай падлозе пахне, Як у студню цыбаты асвер* Запускае руку да пахі. Не забыць сцежкі той, што цябе На дарогу выводзіла з дому, Што у хаце там быў рубель У цане і па курсу старому. Не забыць, як марозам злым Клямка пальцы пячэ балюча І адкуль на стале тваім Бохан свежага хлеба пахучы. Помніць свой на іржышчы цень, Не забыць, як завуць суседа, Не забыць, як пяе пад дзень За вясёлым сталом бяседа. Трэба дома бываць часцей, Трэба дома бываць не госцем, Каб душою ты стаў чысцей І не страціў святое штосьці.
Название:
ТРЭБА ДОМА БЫВАЦЬ ЧАСЦЕЙ. Юры Несцярэнка 🔳 Рыгор Барадулін
Категория:
Разное